ГРО́ДЗЕНСКІЯ ГІМНА́ЗІІ.

Існавалі ў 1834—1939. Гродзенская мужчынская гімназія адкрыта ў 1834 на базе б. дамініканскай гімназіі як класічная з 8-гадовым тэрмінам навучання. Вывучаліся Закон Божы, лац. і грэч. мовы, фізіка, матэматыка, прыродазнаўчыя навукі, рус. мова і л-ра, гісторыя, геаграфія і інш. Гродзенская жаночая Марыінская гімназія адкрыта ў 1860 як 7-класная. Утрымлівалася пераважна на сродкі аплаты за навучанне. Вывучаліся Закон Божы, рус. мова і славеснасць, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства, арыфметыка, геаметрыя, франц. і ням. мовы, асновы педагогікі, чыстапісанне, маляванне, спевы, рукадзелле, танцы. Гродзенская мужчынская прыватная гімназія М.​С.​Хныкіна адкрыта ў 1906 як 6-класная, у 1907 утвораны 7-ы клас. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне. У 1907 — 250 навучэнцаў. Гродзенская жаночая прыватная гімназія К.​М.​Баркоўскай адкрыта ў 1906 як 7-класная з падрыхтоўчым класам і дзіцячым садком; 311 выхаванак. Гродзенская прыватная жаночая яўрэйская гімназія Т.​В.​Астрагорскай і Л.​С.​Вальдман засн. ў 1852 як прыватнае вучылішча, якое у 1906 рэарганізавана ў прыватную 4-класную прагімназію, з 1907 — 7-класная гімназія. У 1915 у ёй навучалася 330 чал. У 1-ю сусв. вайну Гродзенскія гімназіі зачынены або эвакуіраваны. У 1920—39 у Гродне дзейнічала 5 гімназій, у т. л. 2 дзяржаўныя. З 1939 рэарганізаваны ў агульнаадук. сярэднія школы.

Г.​Р.​Сянькевіч.

т. 5, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)